«КОЖНАЯ ПЯТНІЦА – РОДНАЕ, СВАЁ»: ПРА РАЗМОВУ ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ, КУЛЬТУРУ І ТАВАРЫ

У нашай краіне рэалізуецца праект «Кожная пятніца – роднае, сваё». Пра тое, якім беларускім таварам варта аддаць перавагу і ці часта яна размаўляе на матчынай мове, пагутарылі з начальнікам аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Таццянай КУЗЬМОЙ.

На матчынай мове

– Таццяна Мікалаеўна, што для Вас беларускае слова?
– Мы ў сферы культуры даволі часта праводзім мерапрыемствы на беларускай мове. Выкарыстоўваю яе ў напісанні выступаў і дакладаў. Для мяне суразмоўца падымаецца на прыступку вышэй, калі добра валодае беларускай мовай. Сярод іх супрацоўнікі дзяржаўных устаноў культуры, адукацыі.

– А якія беларускія кнігі можна сустрэць на вашай кніжнай паліцы?
– Скажу шчыра, у школьныя гады я чытала пераважна тое, што трэба было па праграме. Мне вельмі падабаліся творы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Але, прызнаюся, больш актыўна пачала знаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай пасля 25 гадоў.

– Важна захоўваць і песні на беларускай мове.
– Што тычыцца нашых раённых артыстаў, у нас ёсць аматарскія калектывы, якія носяць назвы «заслужаны», «народны», «узорны». У іх рэпертуары абавязкова прысутнічаюць песні на беларускай мове. Гэта вельмі важна, бо праз беларускую мову мы перадаем культуру нашай краіны. Магу прывесці ў якасці прыклада наш фальклорны калектыў «Жывіца», які атрымаў званне заслужанага, тэатр народнай песні «Матуліна песня» Жытамлянскага дома фальклору. Песні могуць быць напісаны і на дыялекце. Падчас экспедыцый на тэрыторыі Гродзенскай вобласці мы збіраем такі матэрыял і аднаўляем. Адна і тая ж песня ў розных месцах можа адрознівацца вымаўленнем. І іх трэба захоўваць. Гэта ж сваё. Скажам, у Адэльску мы адраджаем народныя абрады.

Подробнее