Спецыялісты Слонімскага аддзела рамёстваў працягваюць вывучаць узоры і аднаўляць калекцыі народнага тэкстылю Слонімшчыны

Падчас этнаграфічнай экспедыцыі яны наведалі народны краязнаўчы музей Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы імя Б.Т. Пішчукевіча г. Слоніма.
Кіраўнік музея Таццяна Ракуць пазнаёміла даследчыкаў з экспазіцыямі, расказала пра гісторыю ўзнікнення некаторых прадметаў.
Па словах майстроў, самым цікавым было знаёмства з народным тэкстылем: двухбаковымі посцілкамі, сеткавым абрусам, сурвэткамі і ручнікамі з кветкавымі матывамі, вышытымі гладдзю. Такія рэчы характэрныя для гэтай мясцовасці і навакольных вёсак.
Здзівіла і асабістая калекцыя тканых паясоў, выкананых у тэхніцы пераборнага ткацтва, якую паказала Наталля Лысая, настаўніца пачатковых класаў.
Педагог падаравала аддзелу рамёстваў краязнаўчае даследванне, якое напісала сама, — гісторыю аграгарадка Новадзявяткавічы ад старадаўніх часоў да 2010 года.