НАРОДНЫХ ТРАДЫЦЫЙ ВЫТОК

Наш час адзначаны ўздымам цікавасці да набыткаў і дасягненняў традыцыйнай мастацкай культуры, якая вылучаецца нацыянальнай самабытнасцю і з’яўляецца найбольш яскравым спосабам самавыяўлення народа. Гэта культурна-гістарычная спадчына прадаўжае сваё жыццё, актыўна ўключаецца ў сучасныя культурныя працэсы.

Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, традыцыйныя мастацкія рамёствы і промыслы – паўнавартасны від сучаснай мастацкай творчасці. У 2003 годзе пры Міністэрстве культуры была створана экспертная камісія па народнаму мастацтву, народных промыслах і рамёствах і зацверджана “Палажэнне аб народным майстры”. Статус “народны майстар” надаецца носьбітам этнічных традыцый, захавальнікам, пераемнікам і прадаўжальнікам набыткаў беларускай культуры, якія набылі майстэрства традыцыйным спосабам ці ў працэсе самастойнай творчай працы, абапіраюцца на мясцовыя, рэгіянальныя, нацыянальныя традыцыі, творча іх развіваюць, перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню. У першую дзесятку афіцыйна прызнаных народных майстроў увайшоў і наш зямляк, майстар мастацкай апрацоўкі дрэва Міхаіл Антонавіч Рышкевіч (1924-2007 гг.) з в. Бешанкі Лідскага раёна.

На выстаўцы прадстаўлена творчасць 22 сапраўдных майстроў Гродзеншчыны, якім дзяржавай прысвоены ганаровы статус “народны майстар”. Гэта сведчанне афіцыйнага прызнання іх заслуг на ніве нацыянальнай культуры. Тут прадстаўлены творы “залатога фонду” майстроў-носьбітаў, захавальнікаў даўніх традыцый, і тых, хто здолеў глыбока асэнсаваць і асвоіць народныя рамесніцкія традыцыі.

У 2022 годзе статус “народны майстар” атрымалі вядучыя майстры Гродзеншчыны: майстар выцінанкі Муліца Станіслаў Вітольдавіч, г. Гродна; ткачыха Сільвановіч Валянціна Генрыкаўна, г. Ліда; Старасціна Юзэфа Эдвардаўна, аг. Геранёны Іўеўскага раёна.

І гэта лепшы доказ таго, што нашы традыцыі будуць жыць і развівацца!