Ліда – сталіца Дня беларускага пісьменства. Як горад рыхтуецца да свята роднага слова, творцаў і чытачоў

Дзень беларускага пісьменства – адно з самых знакавых культурных свят Беларусі.

Менш за два месяцы засталося да XXXІІ Дня беларускага пісьменства, які ў гэтым годзе будзе прымаць Ліда. Свята запланавана на 6–7 верасня. Ліда, як шчырая і руплівая гаспадыня, пачала рыхтавацца загадзя.

Мурал з партрэтам Янкі Купалы

З Лідай некалі быў звязаны лёс першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта было пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. 15 лютага 1940 года рабочыя і службоўцы Лідскага чыгуначнага вузла на сваім першым перадвыбарным сходзе, а пасля – уся працоўная Лідчына вырашылі: “Вылучыць тав. Луцэвіча Івана Дамінікавіча (Янку Купалу) кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР і прасіць яго даць згоду балаціравацца па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе № 306 Беларускай ССР”.

Паэт выказаў сардэчную падзяку лідчанам за аказаны давер. І ў кампаніі іншых пісьменнікаў з Мінска (Пятра Глебкі, Алеся Кучара, Зэліка Аксельрода) наведаў Ліду, правёў сустрэчы з выбаршчыкамі.

Сёння імя беларускага творцы носіць Лідская раённая бібліятэка. Там ідуць рамонтныя работы, фіналам якіх стане мурал з партрэтам Янкі Купалы.

Дарэчы, да свята разам з вядучымі беларускімі выдавецтвамі “Беларусь”, “Мастацкая літаратура” і “Выдавецкі дом “Звязда” будуць выдадзены фотаальбом “Лідскі край з любоўю і назаўжды”, зборнік твораў мясцовых літаратараў “Галасы з-пад Лідзейкі” і падарунак для першакласнікаў – “З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі” пра адметныя падзеі і славутасці Лідчыны. Навінкі кнігавыдання папоўнять бібліятэчныя фонды, таксама набыць іх можна будзе падчас святочных мерапрыемстваў.

Лідскі Верабейка

З Лідай шчыльна звязана біяграфія яшчэ аднаго беларускага паэта – Валянціна Таўлая (1914–1947), які ў гэты горад упершыню трапіў у сямігадовым узросце, калі бацька забраў яго вучыцца ў школу. Вучнем другога класа хлопчык напісаў свой першы верш “Верабейка”.

Яшчэ раз Таўлай прыехаў у Ліду ў 1939 годзе і некаторы час працаваў у раённай газеце “Уперад”. Больш познія падзеі жыцця паэта былі трагічнымі: у 1943 годзе яму давялося сядзець у лідскім фашысцкім засценку. Але лёс пашкадаваў, выйсці адтуль давялося жывым. У апошні раз паэт быў у Лідзе ў 1946-м, на адкрыцці гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы ў якасці намесніка дырэктара літаратурнага музея імя народнага паэта Беларусі.

Да Дня беларускага пісьменства каля будынка, дзе жыў паэт і сёння размешчаны літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея (лідчане так і называюць яго – “Дом Таўлая”), будзе ўсталяваны арт-аб’ект “Верабейкі”. Ён будзе ўяўляць сабой раскрытую кнігу, на адной старонцы якой нанесены верш “Верабейка” звычайнымі літарамі, а на другой – шрыфтам Брайля. Па перыметру будуць усталяваны тры лаўкі з выявамі вераб’ёў.

Ідэя зрабіць гэты аб’ект з такім ухілам належыць супрацоўнікам музея. Бо менавіта ў Доміку Таўлая імі рэалізуецца інклюзіўны праект “Перадай дабро па крузе”.

Аўтарам і спонсарам арт-аб’екта стаў мясцовы скульптар Рычард Груша, які падтрымаў і ажыццяўляе гэту ідэю.

Подробнее