Кнігі з аўтографам Якуба Коласа
Сёння адзначаецца Сусветны дзень кнігадарэння. У фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея ёсць шмат кніг з дарункавымі подпісамі. Сярод іх дзве кнігі з аўтографам Якуба Коласа. Пасля вайны ў гродзенскім музеі быў створаны літаратурны аддзел і планавалася стварэнне экспазіцыі. Музей звяртаўся да беларускіх пісьменнікаў з просьбай прадаставіць матэрыялы для будучай экспазіцыі. Накіраваны быў ліст і класіку беларускай літаратуры. Якуб Колас адгукнуўся на просьбу і перадаў у Гродна два новыя выданні сваіх твораў: «Паэмы» і «Вершы». На кожнай з кніг ён пакінуў подпіс: «Гродзенскаму музею Якуб Колас 16 IV 1947 г.».