Калі традыцыя гучыць як песня, а зямля кліча дадому

Не кожны брэнд можна пакласці ў кішэню. Некаторыя жывуць у галасах продкаў, у кроках па расе, у рытме старажытных абрадаў. Адзін з самых сапраўдных “брэндаў” Дзятлаўшчыны – абрад “Юр’е”, які першым на Гродзеншчыне атрымаў афіцыйны статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. І мы запрашаем вас адчуць яго не па чутках, а сэрцам.
5 мая вёска Ахонава (у 14 гадзін) і гарпасёлак Наваельня (у 16 гадзін) ажывуць ад старажытных спеваў. Разам з народным фальклорным калектывам мы пройдзем шляхам продкаў: спынімся ля крыжоў, загучым абрадавым голасам і ў старажытных песнях папросім святога Юрыя заступніцтва, добрага ўраджаю, цёплага сонца, моцнага здароўя і дабрабыту.
Асаблівая, “свая” рыса гэтага свята – традыцыйны абход маладых, якія на працягу мінулага года злучылі лёсы ў шлюбе. Іх віншаванне, пажаданні і абрадавыя дзеянні – жывая нітка, якая звязвае пакаленні і робіць свята сапраўды “сваім”, цёплым і шчырым.
Прыязджайце, каб пачуць, як гучыць сапраўдная Беларусь. Пакіньце мітусню і дайце сабе магчымасць адчуць смак традыцыі – шчыры, зялёны, як першая травінка ў маі. Няхай гэты дзень стане вашым асабістым успамінам, які застанецца з вамі надоўга.