“Эпатажны блюз”: танцам усе ўзросты пакорныя

Не толькі новаяльнянцы, але і ўвесь Дзятлаўскі раён ведае аматарскае танцавальнае аб’яднанне з прыгожай інтрыгуючай назвай “Эпатажны блюз”.

Яно створана і функцыянуе пры Новаяльнянскім доме культуры. Як адзначае загадчыца ўстановы Галіна Сушко, ідэя стварыць аб’яднанне нарадзілася даўно. Планавалі адкрыць яго для пажылых людзей, але не было кіраўніка, ідэйнага лідара, які ўвасобіў бы ў жыццё задумкі. Пашчасціла, калі ў 2020 годзе на прапанову адгукнуўся мясцовы жыхар Анатоль Кардаш, людзі пачалі актыўна наведваць заняткі па лячэбнай гімнастыцы цыгун і бальных танцах. А з 2023 года кіраўніком “Эпатажнага блюза” стала яго ўдзельніца Ірына Рабушка.

– Цяпер у калектыве дванаццаць чалавек, усе пенсіянеры, самаму старэйшаму – 73 гады. Але лічым, што танцам усе ўзросты пакорныя, калі ёсць сілы, жаданне і цікавасць да гэтага занятку, – гаворыць Ірына Генадзьеўна. – У нас вялікі рэпертуар – вальсы, падэграс, бранль, шапелуаз, блюз, полькі, кадрылі, народныя танцы – ужо некалькі дзясяткаў набярэцца. У канцэртную праграму Новаяльнянскага дома культуры ўключаны і нашы нумары, лічы, на кожным мерапрыемстве, якое ён праводзіць, мы выступаем. Часта ездзім у санаторый “Радон”, нас там вельмі добра прымаюць. Не толькі на розных святах у нашым раёне, але і за яго межамі бываем. Нядаўна выступалі ў аграгарадку Райца ў Карэліцкім раёне на свяце малака, для іх такія танцы былі ў навіну, дзякавалі нам і запрашалі яшчэ ў госці. Летам паедзем на баль у аграгарадок Бердаўка, што на Лідчыне. Мы ўсе не прафесійныя танцоры, нас аб’ядноўвае любоў да танцаў. Ды і проста танцуем, каб не сумна было на пенсіі. Вось апошнім часам кожны тыдзень канцэрты, а то і два.

Падрабязней