ЯДНАЕМСЯ ТРАДЫЦЫЯМI: ВЯЛIКДЗЕНЬ!
Вясна — час, калі адраджаецца прырода, мы самі і наша любоў да традыцый!
Гэта не проста змена сезонаў, а сапраўдны пачатак усяго новага. Увесну мы збіраемся ўсёй грамадой, каб разам святкаваць жыццё, Вялікдзень і традыцыйны фестываль-кірмаш народных рамёстваў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”. Прырода ажывае, напаўняючы свет колерамі і святлом. І разам з ёй мы адчуваем новыя сілы і натхненне.
На сёлетнім свяце ў гістарычным цэнтры Гродна на пляцоўцы каля Маладзёвага цэнтра “Гродна” 12 красавіка можна будзе і душой адпачыць, і ўсебакова падрыхтавацца да Вербніцы ды Вялікадня!
Велікодныя паштоўкі, пісанкі, вербы, саламяныя кошыкі, сурвэткі са святочнай сімволікай— лепшыя ўмельцы Гродзеншчыны прывязуць у абласны цэнтр мноства непаўторных, адзіных у сваім родзе вырабаў.
Пачэснымі ўдзельнікамі кірмашу стануць носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны вобласці, чыя творчасць унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.