Імя на Дошцы гонару. Іван Кашко: “З культурай развітвацца не збіраюся”
Ёсць сярод нас людзі, якія нясуць у наша жыццё мастацтва, творчасць, гармонію і прыгажосць. Гэта работнікі культуры. У ліку лепшых з іх на Дзятлаўшчыне – Іван Кашко, загадчык сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, імя якога сёлета занесена на раённую Дошку гонару.
Іван Фёдаравіч расказаў пра сваё станаўленне ў прафесіі, дзейнасць і планы на будучыню:
– Нарадзіўся я ў аграгарадку Гезгалы ў сям’і ваеннаслужачых. Пасля 9 класа паступіў у Гродзенскае дзяржаўнае музычна-педагагічнае вучылішча, хаця першапачаткова нават і не думаў пра вучобу там. Я марыў, як і тата, стаць ваенным інжынерам, а дзядуля мяне адгаварыў: “Калі ты мне сыграеш марш, польку і вальс, я буду задаволены”. Вырашыў паспрабаваць: проста прыйшоў у музычную школу, папрасіў, каб навучылі іграць на баяне гэтыя тры кампазіцыі. Калі пахадзіў некалькі месяцаў, настаўнік сказаў, што ў мяне ёсць задаткі, бо хутка ўсё атрымліваецца. Мы паехалі на праслухоўванне ў музычнае вучылішча, і мяне ўзялі, сказалі, што многія пасля навучання ў музычнай школе горш іграюць, чым я пасля некалькіх месяцаў урокаў. Вось так і звязаў сваё жыццё з мастацтвам.