Залаты юбілей «Валэйчанкі»: у Сольскім Доме культуры адзначылі 50-годдзе славутага фальклорнага калектыву

Народны фальклорны калектыў «Валэйчанка» адзначыў свой залаты юбілей – 50-годдзе творчай дзейнасці. У Солах адбыўся святочны канцэрт, які сабраў аматараў беларускай песні і народных традыцый.

Гісторыя калектыву пачалася ў 1976 годзе на базе Валэйкавіцкага сельскага клуба. За 50 гадоў «Валэйчанка» прайшла значны творчы шлях і заслужыла прызнанне гледачоў. У 1991 годзе калектыву было прысвоена ганаровае званне «народны».

Сёння ў рэпертуары «Валэйчанкі» больш за 100 беларускіх народных песень. Праз народную песню ўдзельнікі калектыву захоўваюць і перадаюць наступным пакаленням багатую культурную спадчыну рэгіёна.

За гады творчай дзейнасці артысты выступалі на шматлікіх канцэртных пляцоўках Беларусі, а таксама прадстаўлялі родны край у Польшчы і Літве. Калектыў неаднаразова станавіўся дыпламантам рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў мастацтваў.

Асаблівае месца ў творчай біяграфіі «Валэйчанкі» займае ўдзел у тэлевізійных праектах. У 2012 і 2016 гадах з удзелам калектыву прайшоў запіс праграмы беларускага тэлебачання «Наперад у мінулае». У 2019 годзе артысты сталі ўдзельнікамі фальклорнага песеннага шоу «Спявае Беларусь» на тэлеканале «Беларусь 3», а ў 2025 годзе выступілі ў тэлепраекце «Добрый вечер!».

У 2016 годзе калектыў атрымаў Ганаровую грамату Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

З 2021 года «Валэйчанка» дзейнічае пры Сольскім Доме культуры, дзе працягвае сваю творчую дзейнасць.

У святочны вечар на сцэну са сваімі творчымі падарункамі таксама выйшлі ўдзельнікі народнага ансамблю песні «Вечарынка», народнага фальклорнага калектыву «Кужэліца», творчы калектыў Бялкаўшчынскага Дома культуры, а таксама артысты Залескага, Лылойцінскага і Крэўскага Дамоў культуры.

Падрабязней