Экспазіцыя, якая раскрывае тэму развіцця пісьменства і друку на Беларусі

Больш за 30 гадоў у нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства.
Гэта дзяржаўнае свята ладзіцца ў першую нядзелю верасня, штогод праходзіць у новых гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання. Сёлета 6 верасня свята будзе прымаць горад Касцюковічы Магілёўскай вобласці.
Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей далучаецца да святкавання. У фае Новага замка з 4 па 15 верасня будзе працаваць часовая экспазіцыя, якая раскрывае тэму развіцця пісьменства і друку на Беларусі.
Тут вы пабачыце скульптурную выяву беларускага першадрукара Францыска Скарыны і літаграфічныя выявы яго паслядоўнікаў Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага; факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Ф. Скарыны, выкананае Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь у 2013 г.; рэдкія старадрукаваныя кнігі XVII–XVIII стст., якія былі надрукаваны ў розных гарадах Беларусі (Гродна, Нясвіж, Слонім, Полацк).
Таксама на выстаўцы можна пабачыць выданні ХХ стагоддзя – кнігі класікаў беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы і інш. Гэтыя кнігі ўяўляюць сабой бібліяграфічную рэдкасць: адны з іх з’яўляюццца прыжыццёвымі выданнямі, іншыя ўтрымліваюць аўтографы сваіх знакамітых аўтараў.