Абласная выстаўка «Вяртанне да вытокаў» адкрылася ў Гродзенскім АМЦНТ

Напярэдадні ХV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродзенскім АМЦНТ адкрылася выстаўка «Вяртанне да вытокаў» элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта не проста экспазіцыя, а жывы напамін: наша культура дыхае, гуляе, спявае і працягваецца ў кожным абрадзе.

Тут сабраны 27 нематэрыяльных каштоўнасцей Гродзеншчыны: ад традыцыйнай кухні да міфалогіі, ад рамяства да выканальніцкага мастацтва. На сцэне выступіў народны фальклорны калектыў «Цырынскія музыкі» з Карэліччыны.

З прывітальным словам выступіла дырэктар Гродзенскага АМЦНТ Кацярына Васільеўна Хільмончык, якая адзначыла: «Мы часта едзем за ўражаннямі далёка, але самыя яркія яны – побач. Гэтая выстаўка – як размова з продкамі. Дзякуй работнікам культуры за тое, што захоўваюць гэты дыялог. Запрашаю кожнага адчуць сілу нашай гродзенскай зямлі перад тым, як горад загучыць рознымі мовамі свету».