На Ашмяншчыне валачобнікі ды Жакі хадзілі!

— Жакі і валачобнікі — гэта ўдзельнікі старажытнага беларускага велікоднага абраду, распаўсюджанага на Гродзеншчыне, калі гурты ходзяць па хатах, спяваюць вялікодныя песні і зычаць дабрабыту, — распавяла Алеся Маліноўская, загадчык аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК. — Узамен за свае добрыя пажаданні валачобнікі чакаюць ад гаспадароў пачастункі: фарбаваныя яйкі, булкі, каўбасы, ды іншыя прысмакі.
Лічылася, што калі не адарыць валачобнікаў, то ўвесь год у хаце не будзе ўдачы.
Менавіта на Ашмяншчыне захавалася традыцыя дзіцячых велікодных рацэяў (вершаваных віншаванняў).
— Дзеці ходзяць па хатах, спяваюць або кажуць прымаўкі («Я малы жачок…»), сярод старэйшага пакалення прынята спяваць старадаўнія каталіцкія песні, прысвечаныя пакутам і ўваскрасенню Хрыста, — дадала спецыялістка.
Гэты абрад сімвалізуе пачатак новага сельскагаспадарчага года, уваскрасенне і жыццёвую сілу.