У Музеі Максіма Багдановіча з 1 лістапада працуе выстаўка «Засушыў я на паперы краскі, свежыя калісьці…», прымеркаваная да Дня нараджэння Максіма Багдановіча.
Максім Багдановіч (09.12.1891–25.05.1917) – самы малады класік беларускай літаратуры, паэт-наватар, празаік, перакладчык, крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст. На выстаўцы экспануецца кніга твораў Максіма Багдановіча “Зорка Венера” (уклад. А. Клышка, 1991), кнігі, прысвечаныя даследаванню жыцця і творчасці паэта. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены кнігі з творамі Максіма Багдановіча ў перакладзе на рускую, балгарскую, нямецкую, літоўскую, англійскую і іншыя мовы. Цікавасць уяўляюць запрашэнні на адкрыццё рэспубліканскай выстаўкі выяўленчага мастацтва і на ўрачысты вечар, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча (1981), кніга Л. Абеліёвіча “Рамансы паводле тэкстаў М. Багдановіча” (1982) і грампласцінка “Да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча” (1981). Запрашаем на выстаўку!